Беларуская “Anti[gone]”: на мяжы

19 июня 2017

На мінулым тыдні ў музеі Азгура адбылася прэм’ера спектакля Anti[gone] у пастаноўцы Аляксандра Марчанкі. Гэты спектакль – “спараджэнне” першага з адбыўшыхся ў Беларусі семінара “Адказнасць. Каштоўнасці. Будучыня, праведзенага па тэхналогіі Аспен-семінараў. Тэхналогія гэтая на першы погляд вельмі простая: эксперты і лідэры з розных сфер збіраюцца разам, каб на працягу некалькіх дзён чытаць, абмяркоўваць і асэнсоўваць з розных перспектыў важныя філасофскія тэксты. Адзін з “правадыроў” Аспен-тэхналогіі ў Беларусі Андрэй Ягораў назваў Аспен-семінары “культуратэрапіяй сацыяльных разрываў”, маючы на ўвазе іх асноўную функцыю, якая дазваляе аднаўляць сувязі паміж людзьмі з вельмі розных сфер і пластоў грамадства праз апеляцыю да базавых тэкстаў, каштоўнасцяў і сэнсаў культуры. “Anti[gone]” дэманструе, відаць, іншы не менш важны эфект – ліквідацыю разрываў у трансляцыі культуры.

Удзельнікі першага беларускага семінара «Адказнасць. Каштоўнасці. Будучыня». Фота Аляксея Андрэева

Пастаноўка спектакля “Антыгона” паводле п’есы Сафокла – адзін з базавых элементаў правядзення Аспен-семінараў, аднак за межы самога семінара гэтыя пастаноўкі выходзяць рэдка. Пра з’яўленне спектакля “Anti[gone]” яго рэжысёр, Аляксандр Марчанка, ў інтэрвью “Культпрасвету” распавядае так: “У нашых бурных спрэчках (падчас семінара – заўв. рэд.) мы вырашылі паспрабаваць адшукаць гісторыі з сённяшняга дня, якія былі б сугучныя з узаемаадносінамі і канфліктамі з п’есы Сафокла. І толькі потым, калі семінар скончыўся, у мяне асабіста паўстала адчуванне каштоўнасці таго, што распавядалі ўдзельнікі, для больш шырокага кола людзей. Мне здаецца, гэта нейкая альтэрнатыва сёньняшняй грамадзянскай супольнасці, якая, скажам так, прадстаўлена ў мас-медыя. Ёсць адзін дзіўны момант: тыя людзі, якія бачныя нам, яны ж нябачныя большасці людзей. Мы жывем і не ведаем, што, аказваецца, ёсць людзі, побач з якімі можа быць цікава і можа адбывацца нешта важнае ў чалавечым сэнсе. Але калі мы неспадзявана дастанем сябе са сваёй «кансервавай банкі», мы ўбачым зусім іншых людзей, зусім іншыя гісторыі, іншыя праблемы, іншую інтанацыю”.

Аляксандр Марчанка. Фота Анны Доўгель

Сам спектакль разгортваецца ў двух нібы паралельных прасторах – прасторы сцэны, дзе ў сольным выкананні Дар’і Новік(яна ж аўтар музыкі) гучыць тэкст Сафокла, і прама ў залі сярод гледачоў (як быццам у жыцці), у маналогах нашых сучаснікаў-суграмадзян. У гэтай ролі выступілі ўдзельнікі семінара – публічныя персоны і вядомыя актывісты: Раман Касціцын, Крысціна Марчук, Іван Ведзенін, Андрэй Аляксандраў, Марына Штрахова, Уладзімір Шаблінскі, Марына Калініна, Алесь Крот, Андрэй Ягораў, Таццяна Вадалажская.

Удзельнікі пастаноўкі. Фота «Беларускага журнала»

“Эклектыка жанраў – оперы і эстэтыкі экспертнага тэатра – спачатку бянтэжыць і насцярожвае, здаецца надуманай і нязручнай. Але менавіта гэты прыём прымушае глядзець, слухаць і шукаць сувязі – паміж чароўным космасам эпохі Антыгоны і нашай “сумнай” сучаснасцю, якая ў выніку перамагае гісторыю”, – піша ў “Беларускім журнале” Таццяна Арцімовіч.

Наогул, хто каго “перамагае” – тэма, якая гучыць у шматлікіх водгуках на спектакль, хоць гэтае пытанне, падаецца, народжана ня столькі самой пастаноўкай, колькі правакацыйным анонсам, які сапраўды запытваў: “Ці стануць яны (рэальныя людзі з іх рэальнымі гісторыямі – заўв. рэд.) пратаганістамі або галоўнай гераіняй застанецца Антыгона?”. Але ў “Anti[gone]” героі з розных эпох не ваююць адзін з адным, насупраць, гісторыі нашага часу ўплятаюцца і па-іншаму раскрываюць усе тыя драмы і канфлікты, якія прыпісаў сваім героям Сафокл. Сённяшнія “героі” “Anti[gone]” адказваюць на ўсе тыя ж пытанні, якія мы прызвычаіліся называць “вечнымі”, і назваўшы іх так, адмовіліся лічыць сваімі. А яны тут, паўстаюць перад намі, патрабуюць адказу і выбару – і нам даводзіцца адказваць і выбіраць.

Дар’я Новік – адна за ўсіх персанажаў «Антыгоны» Сафокла

Апісваючы пастаноўку як своеасаблівы варыянт “тэатра экспертаў”, Таццяна Арцімовіч заключае: “Усе разам эксперты ўяўляюць сабой хор як важнейшы персанаж антычнай трагедыі. Толькі ў сучаснасці гэты хор больш не ананімны і некалектыўны. Гэта галасы індывідуальнасцяў, кожны з якіх можа і павінен быць пачуты, і гэтыя галасы гучаць не з кафедры– сцэнічнай пляцоўкі, але даносяцца з залі – яны сярод нас. Гэта і ёсць сучасная Антыгона, чыё цела распадаецца на мноства цел рознага полу і ўзросту, з татуіроўкамі, дрэдамі ці без, рознымі біяграфіямі і сістэмамі каштоўнасцяў.

Фота Анны Доўгель

Наступны раз пастаноўку “Anti[gone]” можна будзе ўбачыць толькі ўвосень. Магчыма, напачатку верасня, але ўжо дакладна – у межах фестываля “Тэарт” у кастрычніку. І гэта будзе ўжо, напэўна, трохі іншы спектакль – магчыма, некалькі зменіцца склад удзельнікаў, ды і іх гісторыі кожны раз гучаць крыху па-іншаму. Тлумачачы, чаму ён практычна не ўмешваецца ў тое, што і як распавядаюць ўдзельнікі “Anti[gone]”, Аляксандр Марчанка сказаў: Гэта ж жывыя людзі, яны самі сведкі свайго жыцця. Калі і ёсць у нас у чым перавага перад той, сафоклаўскай, Антыгонай – дык менавіта ў гэтым.

Лятучы універсітэт — гэта некамерцыйная ініцыятыва, дзе любы жадаючы можа навучацца бясплатна.
Але гэтага ўсяго не было без падтрымкі неабыякавых.
Напішыце каментар